Onion-сэрвісы (раней вядомыя як "схаваныя сэрвісы") — гэта сэрвісы, напрыклад, вэб-сайты, даступныя толькі праз сетку Tor.

Onion-сэрвісы маюць шэраг перавагаў у параўнанні са звычайнымі непрыватнымі сэрвісамі:

  • Месцазнаходжанне і IP-адрас Onion-сэрвісаў схаваныя, што ўскладняе зламыснікам іх цэнзуру або ідэнтыфікацыю аператараў.
  • Увесь трафік паміж карыстальнікамі Tor і onion-сэрвісамі мае скразное шыфраванне, таму вам не трэба турбавацца пра падлучэнні праз HTTPS.
  • Адрас onion-сэрвісу генеруецца аўтаматычна, таму аператарам не трэба купляць асобнае даменнае імя.
  • Дзякуючы крыптаграфіі, URL-адрас .onion дазваляе Tor пераканацца, што ён падлучаецца да правільнага рэсурсу і што злучэнне абароненае ад умяшання.

ЯК АТРЫМАЦЬ ДОСТУП ДА ONION-СЭРВІСАЎ

Як і на любым іншым вэб-сайце, вам спатрэбіцца ведаць адрас onion-сэрвісу, каб падлучыцца да яго. Onion-адрас складаецца з 56 літараў і лічбаў, за якімі ідзе ".onion".

Пры доступе да вэб-сайту, што выкарыстоўвае onion-сэрвіс, браўзер Tor пакажа ў радку URL іконку цыбуліны, якая паказвае стан вашага злучэння: бяспечнае і з выкарыстаннем onion-сэрвісу. Даведацца больш пра onion-сайт, які вы наведваеце, можна паглядзеўшы на выяву схемы.

Яшчэ адзін спосаб даведацца пра сайт onion - гэта калі адміністратар вэб-сайту ўвёў функцыю пад назвай Onion-Location. Onion-Location - гэта нестандартны загаловак HTTP, які вэб-сайты могуць выкарыстоўваць для рэкламы свайго onion-аналага. Калі на вэб-сайце, які вы наведваеце, ёсць onion-версія, у радку URL у браўзеры Tor з'явіцца фіялетавая падказка з тэкстам ".onion даступны". Калі вы пстрыкнеце на ".onion даступны", вэб-сайт будзе перазагружаны і перанакіраваны на свой onion-аналаг.

Onion-Location

АЎТЭНТЫФІКАЦЫЯ НА ONION-СЭРВІСАХ

Аўтэнтыфікацыя на onion-сэрвісах - гэта сэрвіс кшталту сайту onion, які патрабуе ад кліента прадставіць токен аўтэнтыфікацыі перад доступам да сэрвісу. Як карыстальнік Tor, вы можаце прайсці аўтэнтыфікацыю наўпрост у браўзеры Tor. Каб атрымаць доступ да гэтага сэрвісу, вам спатрэбяцца ўліковыя дадзеныя ад аператара onion-сэрвісу. Падчас доступу да аўтэнтыфікаванага onion-сэрвісу браўзер Tor пакажа ў радку URL іконку маленькага шэрага ключа разам з падказкай. Увядзіце ваш актуальны асабісты ключ у поле ўводу.

Client Authorization

ПАМЫЛКІ ONION-СЭРВІСАЎ

Калі вы не можаце падключыцца да сайту onion, браўзер Tor выдасць адмысловае паведамленне пра памылку з інфармацыяй, чаму вэб-сайт недаступны. Памылкі могуць адбывацца на розных узроўнях: памылкі кліента, памылкі сеткі або памылкі сэрвісаў. Некаторыя з гэтых памылак можна выправіць, перайшоўшы ў раздзел "Выпраўленне памылак". У табліцы ніжэй паказаныя ўсе магчымыя памылкі і дзеянні, якія вы павінны зрабіць, каб вырашыць праблему.

Код Назва памылкі Кароткае апісанне
0xF0 Onion-сайт не знойдзены Найбольш верагодная прычына - onion-сайт знаходзіцца афлайн. Звярніцеся да адміністратара сайту.
0xF1 Немагчыма атрымаць доступ да onion-сайту Onion-сайт недаступны праз унутраную памылку.
0xF2 Onion-сайт адлучыўся Найбольш верагодная прычына - onion-сайт знаходзіцца афлайн. Звярніцеся да адміністратара сайту.
0xF3 Немагчыма падлучыцца да onion-сайту Onion-сайт заняты або сетка Tor перагружаная. Паспрабуйце падлучыцца пазней.
0xF4 Onion-сайт патрабуе аўтэнтыфікацыі Для доступу на onion-сайту патрабуецца ключ, але ён не быў уведзены.
0xF5 Памылка аўтэнтыфікацыі на onion-сайце Уведзены ключ няправільны або быў адкліканы. Звярніцеся да адміністратара onion-сайту.
0xF6 Несапраўдны адрас onion-сайту Уведзены адрас onion-сайту несапраўдны. Калі ласка, праверце, што вы правільна яго ўвялі.
0xF7 Час стварэння схемы для onion-сайту скончыўся Не ўдалося падлучыцца да onion-сайту, магчыма, праз кепскую сувязь у сетцы.

ВЫПРАЎЛЕННЕ ПАМЫЛАК

Калі вы не можаце атрымаць доступ да запытанага onion-сэрвісу, пераканайцеся, што вы правільна ўвялі onion-адрас: нават невялікая памылка перашкодзіць браўзеру Tor атрымаць доступ да сайту.

Калі вы спрабуеце атрымаць доступ да onion-сэрвісу з 16 знакаў (карацейшы фармат "V2"), гэты тып адраса больш не працуе ў сучаснай сетцы Tor.

Вы таксама можаце праверыць, ці можаце вы атрымаць доступ да іншых onion-сэрвісаў, падключыўшыся да onion-сэрвісу DuckDuckGo's.

Калі вы па-ранейшаму не можаце падлучыцца да onion-сэрвісу пасля праверкі адрасу, паўтарыце спробу пазней. Магчыма, узнікла часовая праблема з падлучэннем або аператары сайту перавялі яго ў рэжым афлайн без папярэджання.